Цитаты из книги «Дзень Святога Патрыка»
- В данный момент нет в продаже.
- Сообщить о поступлении в продажу!
Эксперт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай, і зараз ёй патрэбна захаваць у спецыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Што яна паставіць на паліцы спецхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці з’явіцца ў памерлай мовы шанец? Гісторыя любові — да мужчыны, да літаратуры, да краіны — якая, на жаль, не можа скончыцца добра. Показать
«Разабраць архівы нашага жыцця, раскласці па фондах і вопісах нашыя дні і гады, паставіць на стэлажы драмы і камедыі нашых будняў, звычайных будняў звычайных людзей, якія раптам становяцца раманамі і аповесцямі, адшукаць галоўнае і не забыцца паставіць на палічкі неважнае, але ж любімае, здзівіцца, што засталося не тое і не такое, і навучыцца з гэтым жыць»
«Пісьменнікі, паэты, музыкі – яны ўсе розныя. Ёсць сярод іх геніі, самазванцы, натхнёныя таленты і зацятыя працаўнікі, мужныя героі і вартыя жалю здраднікі, а часцей за ўсё – тыя, у кім адшукаеш і таго, і другога, і трэццяга, але ж усе яны падобныя адным – усе яны незвычайна эмацыянальныя. Нават на пажаўцелых канвертах, якія часам суправаджаюць старэнькія шэранькія паштовачкі і запіскі, бачна: вось тут літара расперазалася, паляцела за адведзеныя друкарняй рамкі, бо на штэмпелі вясна, і душа паэта адгукаецца яе спевам, а вось той жа почырк скукожваецца і падціскае кіпцюрыкі – значыцца, у лісце будзе нешта трывожнае і крыўднае. І калі вам кажуць, што быццам бы той ці іншы паэт быў стрыманы на эмоцыі, не верце. Не бывае паэтаў, стрыманых на эмоцыі»
«Вось ёсць такія кнігі ў свеце, якія сваімі рытмамі і фанетыкай наўпрост ставяць чалавеку на месца глузды. Гэта як з Моцартавай гармоніяй: кажуць, гукі акордаў з п’ес геніяльнага аўстрыйца найбольш адпавядаюць хвалям і рытмам чалавечага арганізму, таму, калі паслухаць Моцарта, фізічна паздаравееш, бо кожны орган, падпарадкоўваючыся ідэальнай музычнай хвалі, пачне працаваць як след. Тое самае і з некаторымі кнігамі: яны настройваюць на ідэальнае існаванне і сэрца, і галаву. Пасля іх не застаецца перапуджаных думак, збалелых нерваў, пытанняў без адказу, трывогі ці жаху – адна толькі ўпэўненнасць у агульнай гармоніі і касмічным шчасці для кожнага з нас»
«У кожным чалавеку, пакуль ён жыве, нібыта напружана гудзе нейкі велізарны магніт, які прыцягвае да сябе цэлую сонечную сістэму рэчаў, падзей, словаў, пачуццяў, сюжэтных скрыжаванняў, успамінаў і надзей, крыўд і дараванняў, кахання і нелюбові. І раптам – раз! Электрычнасць выключаецца, току няма, магніт пераўтвараецца ў непатрэбную жалязяку. Зоркі і планеты тваёй сістэмы разлятаюцца ў бясконцасці. І тое, што зараз ляжыць сярод апошніх шаўкоў і паркаляў – гэта зусім не тое, чым быў чалавек. Тое – заняло свае векавечныя арбіты ў Сусвеце»
«Будзёнасць смерці, як і будзеннасць нараджэння – з гэтым цяжка мірыцца. Таму і прыдумваюць ужо пасля розныя каметы, якія нібыта праляталі над зямлёй, калі нараджаўся ягамосць, пажары, з-за якіх легендарныя мамкі нараджалі легендарных немаўлят, зоркі, ураганы, тайфуны і іншыя падзеі, якія павінны былі суправаджаць нараджэнне і смерць…»
«Кажуць, вайна – гэта проста цяжкая праца, і калі гэта так, то ён працаваў самааддана і самаахвярна. Так, як павінен працаваць ваяр, бо і сярод іх розныя бываюць. Ён рабіў тое, чаго не мог не рабіць, і яго таварышчы адчувалі сябе лепей за яго шырокай спіной. Ягоная гісторыя складвалася так, як павінна складвацца гісторыя ваяра і героя, і ў ёй былі і верныя сябры, і прачулыя спевы, і суворы Бог, і каханая, якой будзе наканавана захлынуцца апошнім “любы, родненькі, толькі не памірай”. Ёсць людзі, жыццё якіх пішацца як песня, і нельга яе не праспяваць, нават калі некаму падабаецца, што ў добрай песні павінен быць іншы змест»
«Калісці я думаў, Мара, што шчасце запануе на свеце, калі мы ўсе разам пачнём размаўляць на мове і чытаць літаратуру. На нашай мове і нашую літаратуру. Гэта нас б’яднае, і мы разам паляцім да зор. Ну, ты памятаеш, я быў малады, дурны і неадукаваны. Але думаў так доўга. Потым я зразумеў, што мова і літаратура насамрэч нікога не аб’ядноўваюць. А калі аб’ядноўваюць, то не да канца і не тых. Потым аказалася, што і я не хачу аб’ядноўвацца ні з Васем з аўтаваза, ні з Кейстутам з Гародні. Бо ў нас усё такое рознае. Калі мовай валодаюць адзінкі, ты яшчэ можаш знайсці паразуменне. Калі сотні – можаш наладзіць дыялог. А калі сто адзін – усё, капец. І потым. Што яднае нас, няўжо мова? Калі нас будзе шмат, сярод нас усё адно будуць дурні і інтэлектуалы, забойцы і героі, бо чалавек існуе чалавекам незалежна ад мовы, на якой размаўляе. У нас нават гістрыі няма агульнай, бо кожны ведае толькі тое, што ведае. Сваю уласную казку. Не. Я не хачу такіх казак»
«Дэпрэсія – гэта што? Гэта страта глабальнага сэнсу. А сэнс – ён дзе? У мове. А мова дзе? У нас. Вяртанне да вытокаў, індывідуальны падбор літаратуры для тэрапеўтычнага чытання, афірмацыі на роднай мове, пастаноўка моўнага апарату дзеля сакральная сувязі з падсвядомасцю, аднаўленне генетычных кодаў пры дапамозе граматычных сувязяў»
«А яшчэ бывае, калі яны вяртаюцца, гэтыя былыя. І калі ты пакажаш ім свае незагойныя рубцы на сэрцы, яны адхінуць кашуню, і ты пабачыш, што рубцы на гэтых, да апошняй радзімкі знаёмых, грудзях дзіўным чынам падобныя да тваіх. Што тады расцягнула вас па розныя бакі сусветнага акіяна, так і застанецца неразумелым, бо ўжо забыліся і штармавыя папярэджанні, і прагнозы неспрыяльнага надвор’я, і блісне маланка, і рана ляжа на рану, і можа так здарыцца, што з мясам вырваныя гісторыі зноў з’яднаюцца ў адну. І вось ужо сэрца тахкае часта-часта, і ты мімаволі прыслухоўваешся да яго несцпыннай хады і разумееш, што цягнік твайго жыцця стаў на нейкія не табой пракладзеныя рэйкі, і ўсе стрэлкі пераведзеныя, і наступны прыпынак ад цябе ніякім чынам не залежыць»